4 сентября - День белорусской письменности

Дзень беларускага пісьменства з'яўляецца нацыянальным святам. Ён праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь".

У аснову канцэпцыі Дня беларускага пісьменства пакладзена ідэя прапаганды дасягненняў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Свята дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, з удзельнікамі творчага працэсу стварэння кніг, газет і часопісаў.

Не выпадкова і тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура - тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. У гэты дзень мы аддаем даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.

Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Свята паспела стаць традыцыйным і прайшло па знакамітых цэнтрах беларускай асветы, сярод якіх Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы. Сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2016 годзе стане горад Рагачоў.

Бібліятэка МДЛУ з нагоды Дня беларускага пісьменства запрашае наведаць выставу, прысвечаную здабыткам нацыянальнай пісьмовай культуры. Выстава экспануецца на абанеменце (А-105).